Відэа

Архіў

Сьнежань 2018
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31 

Звярніце ўвагу

Вітаем Вам на новым сайце! З вясной вас!

7 сутак праваабаронцы

21.07.2011
Барыс Бухель
Барыс Бухель

Праваабаронца Барыс Бухель падчас адбывання свайго адміністрацыйнага арышту ў Магілёўскім ізалятары часовага ўтрымання напісаў чатыры скаргі. Пры гэтым ён спісаў дзьве асадкі.

Барыс Бухель адзначае, што ўпершыню больш чым за 20 год уласнай праваабарончай практыкі яму давялося пабываць у ізалятары, хаця дагэтуль ён ужо шмат разоў затрымліваўся супрацоўнікамі міліцыі.

3 ліпеня. Затрыманне

У гэты дзень адбылася самая масавая акцыя ў Магілёва пачынаючы з 1996 года. У шэсце па цэнтральнай пешаходнай вуліцы Ленінскай прыняла ўдзел каля 1000 чалавек. Удзельнікі “маўклівай акцыі” ішлі і пляскалі ўладкі.
Барыс Бухель знаходзіўся ад калоны на адлегласці 50-70 метраў і назіраў за яе ўдзельнікамі. Акрамя гэтага ён рабіў фотаздымкі на свой мабільны тэлефон.
“Я быў затрыманы супрацоўнікам спецназа ў цывільным. Ён падыйшоў да мяне і папытаў што я фатаграфую і загадаў мне спыніць фотасесію. Я сказаў, што маю на гэта права і адмовіўся выканаць ягонае патрабаванне. Тады ён прапанаваў мне прайсці з ім да “ПАЗіка”. Дзейнічаў ён карэктна без прымянення грубай сілы”, - гаворыць правааабаронца.
Барыс Бухель адзначае, што калі ён быў у аўтобусе ў яго пачалі пытаць што ён фатаграфаваў? Потым спецназаўцы ўзялі ў яго мабільны тэлефон і выдалілі ўсе фотаздымкі.
“Выдаліўшы мае фотаздымкі мяне пазбавілі доказаў таго, што я не ўдзельнічаў у шэсці калоны”, - адзначае праваабаронца.

Ленінскі РАУС


Пасля затрымання Барыса Бухеля пратрымалі больш трох гадзінаў. У суме аказалася каля 7,5 гадзінаў. Гэта з’яўляецца грубым парушэннем закону. Большую частку часу яму давялося правесці ў аўтобусе з іншымі затрыманымі. Іх аказалася 12 чалавек.
За кожным затрыманым назіралі міліцыянты. Не давалі магчымасці карыстацца мабільнымі тэлефонамі.
Сярод затрыманых было некалькі выпадковых людзей, якія па-просту праходзілі побач і сталі сведкамі і адначасова ўдзельнікамі “маўклівай акцыі”.
Ужо будучы затрыманымі і седзючы ў аўтобусе спецназаўцы папыталі нас, хто такі Асіпцоў і хто такі Бухель.
Потым адзін з іх паказаў загружаны на яго мабільным тэлефоне сайт “Хартыі-97”, дзе пра іх ужо з’явілася інфармацыя аб тым, што іх затрымалі.
“У гадзіну ночы мяне павялі на допыт. Мне патрапіўся малады непісьменны лейтэнант, які нарабіў шмат памылак. Мяне адпусцілі з РАУСа толькі каля трох гадзін ночы, - гаворыць праваабаронца, - Перад тым, як дапытваць затрыманых, адзін з афіцэраў перапісаў ува ўсіх прозвішчы і месцы працы. Пасля ён сабраў усіх спецназаўцаў у суседнім пакоі і праз зачыненыя дзверы я чуў як ён размяркоўваў сярод міліцыянтаў хто супраць каго будзе даваць хлуслівыя паказанні ў судзе”.
“Мне патрапіўся той спецназавец які сустракаў мяне каля аўтобуса, а не той што мяне затрымліваў. У суддзе ён не здолеў дакладна назваць месца, дзе мяне затрымалі. Кіраўнік спецназа, які мяне затрымліваў, пасля шматразовых просьбаў назвацца назваўся Івановым Іванам Іванавічам. Аператар, які здымаў мяне на відэа назваўся Сяргеевым Сяргеем Сяргеевічам”, - працягвае Барыс Бухель.
“Я думаў, што мяне пасадзяць адразу ў ізалятар, бо міліцыянт, што сядзаў перада мной, сказаў, каб я дастаў усе асабістыя рэчы з кішэняў і пачаў іх перапісваць, заносячы іх у пратакол вобшуку. А потым ён нечакана мяне адпусціў. У той дзень у ізалятар садзілі тых, хто не падпарадкоўваўся патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Астатніх, пасля складання пратаколаў, выпускалі на волю”, - адзначае праваабаронца.

Затрыманне без позвы


“Пасля таго як мяне затрымалі і склалі пратакол, мне было цікава ведаць, калі суд пачне разглядаць маю справу. З гэтай нагоды я кожны дзень хадзіў у Ленінскі раённы суд і пытаўся, калі гэта адбудзецца. 6 ліпеня ў 17-00 я ў чарговы раз наведаў гэты будынак. Я запытаў, ці прыбыла мая адміністрацыйная справа у канцылярыі. Я хацеў, каб супрацоўніцы запісалі мой мабільны тэлефон і патэлефанавалі, калі будзе гатова позва, каб яе не высылалі па пошце. Адна з супрацоўніц здзіўлена запытала: а чаго вы вырашылі, што вам будзе выпісана позва?”, - гаворыць Барыс Бухель.
Пасля таго, як ён выйшаў з суда, то яму пачалі паступаць званкі. Міліцыянты пачалі вылоўліваць затрыманых і выпушчаных на волю 3 ліпеня ўдзельнікаў “маўклівай акцыі”. Першым патэлефанаваў Аляксандр Сімановіч, які сказаў, што да яго прыйшлі міліцыянты. Потым забралі журналіста Алеся Асіпцова. Нумар рэдактара “Талакі” аказаўся недаступным. У ізалятары Бухелю сказалі, што ён ужо знаходзіцца ў іх.
Дагэтуль невядома, чаму не былі выпісаныя позвы, а людзей затрымлівалі вось такім чынам. У пракуратуры, куды Барыс Бухель падаў з гэтай нагоды скаргу, таксама былі здзіўленыя гэтым выпадкам, бо па законе позвы неабходна высылаць.
“7 ліпеня зранку я пайшоў у суд. Пры гэтым я сабраў сабе торбачку, на той выпадак, калі суд нада мной адбудзецца хутка і мяне пасадзяць “на суткі”. У судзе мяне ўжо чакала два лейтэнанты, якія адвезлі мяне ў Ленінскі РАУС, дзе на мяне склалі пратакол аб затрыманні. Пасля гэтага мяне адвезлі ў ізалятар, дзе мяне пратрымалі суткі. За гэтыя суткі нас так ні разу і не пакармілі. Елі толькі тое, што было з сабою”,- расказвае праваабаронца.

У судзе Ленінскага раёна


Фактычна суд над Барысам Бухелем цягнуўся ад 9-00 да самага вечару. У ізалятар яго даставілі толькі а шостай гадзіне.
Судзіў яго суддзя Станіслаў Шандаровіч. Ён разам са старшынём суда спадарыняй Кужалевай зрабіў ўсё дзеля таго, каб не даць магчымасці людзям удзельнічаць у гэтых судах. Гэта рабілі таксама і іншыя суддзі. Цяпер людзей прывозяць у суд і адразу судзяць.
Калі раней затрыманых прывозілі, і было каля гадзіны часу на тое, каб удакладніць, дзе, хто, і ў якім месцы будзе судзіць, то цяпер гэтыя моманты ўзгадняліся старшынём суда з міліцыянтамі загадзя па тэлефоне.
“З гэтай нагоды мною пададзена скарга ў Галоўнае ўпраўленне юстыцыі па Магілёўскай вобласці, бо суддзі рабілі ўсё, каб не даць інфармацыю прыйшоўшым падтрымаць затрыманых людзей і не дапусціць іх на судовыя пасяджэнні. Мой суд праходзіў таксама са шматлікімі парушэннямі. Я дэтальна разабраў судовы працэс і накіраваў скаргу на судзіўшага мяне суддзю Станіслава Шандаровіча”, - гаворыць Барыс Бухель.
На фотаздымках, якія паказвалі ў суддзе, яго не было. Ён таксама прасіў суддзю вынесці прыватнае вызначэнне на адрас міліцыі з нагоды таго, што яго затрымалі ў будынку суда і за тое, што падчас затрымання ён правёў у міліцыі больш сямі гадзінаў.
Гэта зрабіць суддзя адмовіўся. Супраць яго прыйшлі даваць хлуслівыя паказанні больш чалавек чым ён чуў першапачаткова.
“Перад суддзёй я паклаў раздрукоўку з сайта “Хартыя-97” з матэрыялам аб судах у Гродна. Там суддзі адмовіліся судзіць удзельнікаў “маўклівай акцыі”. Там суддзі запатрабавалі відэадоказы і асудзілі ў выніку толькі двух чалавек. Ён прачытаў гэтую раздрукоўку і пасля гэтага зрабіў перапынак на 20 хвілінаў.
Перад гэтым я таксама заявіў, што копія пратакола, якую мне выдалі на рукі не адпавядае арыгіналу і зроблена з парушэннямі. Па вяртанні суддзі ў зал судовага пасяджэння ён сказаў, што пратакол складзены з парушэннямі і ён прыняў рашэнне адправіць яго на дапрацоўку.
Мяне нечакана вызваляюць. Я бягу дазнавацца, дзе каго суддзяць. Але праз 20 хвілінаў мяне вылавіў маёр Цецерукоў і адвёў да суддзі Шандаровіча. Той сказаў, што пратакол дапрацаваны і суд пачынаецца наноў.
Я пайшоў за сваімі паперамі і папярэдзіў астатніх актывістаў аб тым, што суд зноўку працягваецца.
У перапынку ўжо я сачыў за спецназаўцамі, каб яны нікуды не тэлефанавалі і ім ніхто не даваў нейкіх указанняў.
Калі скончыўся суд і мне далі сем сутак адміністрацыйнага арышту я адразу запатрабаваў пастанову рашэння суда.
У суддзе маёр Цецярукоў сказаў, што 7,5 гадзінаў адседзеных у РАЎСе будзе залічана падчас адбывання пакарання ў ізалятары”, - гаворыць Барыс Бухель.
Тым часам журналісту Алесю Асіпцову гэтыя гадзіны не былі залічаныя. Ужо вядома, што ён будзе гэта абскарджваць.

У ізалятары


“У ізалятары я меў на руках інструкцыю аб утрыманні змешчаных у ізалятар асобаў. Я думаў, што буду пісаць начальніку ізалятара скаргі кожны дзень, аднак нараканняў на маё ўтрыманне ў гэтай установе я не маю. Усё адпавядала інструкцыям. Іншая справа, што самі інструкцыі трэба мяняць і дапрацоўваць. Да мяне ставіліся з павагай і заўсёды звярталіся да мяне на “Вы”, - працягвае праваабаронца.
“Цікавы выпадак адбыўся, калі Віктар Болдзін прынёс перадачы мне і журналістцы Аліне Скрабуновай. Ён перадаваў таксама і вітаміны. Гэта затрымала перадачу, бо міліцыянты пайшлі па лекара, каб той даў дазвол. Тут прыйшоў нейкі адвакат і сказаў, што яму трэба без чаргі прайсці, аднак яго прыпынілі і сказалі, што спачатку аформім палітычных, а потым будзем размаўляць з вамі.
Гэты выпадак сведчыць пра тое, што нас, затрыманых на падчас “маўклівай акцыі” міліцыянты размяжоўвалі на “палітычных” і не, - адзначае Барыс Бухель.
Праваабаронца адзначае, што харчаванне ў ізалятары было як у студэнцкай сталовай.
“У абласны суд я таксама абскардзіў свай прысуд. На прыкладзе Аліны Скрабуновай стала вядома, што чалавек, які трапіў у ізалятар, не можа своечасова абскардзіць рашэнне раённага суда. Каб абскардзіць, трэба аплаціць дзяржаўную пошліну. А ў людзей не заўсёды ў турме ёсць пры сабе грошы. Акрамя гэтага, няма магчымасці аплаціць праз банк. З гэтым пытаннем мы будзем разбірацца ў бліжэйшы час”, - падкрэсліў Барыс Бухель.