Відэа

Архіў

Жнівень 2019
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031 

Звярніце ўвагу

Вітаем Вам на новым сайце! З вясной вас!

У Магілёве арганізатар Народнага схода абскарджвае адміністрацыйнае пакаранне

22.11.2011 Тэгі: суд
Уладзімір Шанцаў. Фота Радыё Свабода
Уладзімір Шанцаў. Фота Радыё Свабода

Кіраўнік магілёўскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў падаў скаргу на пастанову суддзі Ленінскага раёна Магілёва Аксаны Ратнікавай у Магілёўскі абласны суд у сувязі з вынесеным яму штрафам за арганізацыю Народнага сходу.

Арганізатар Народнага сходу просіць спыніць супраць яго адміністрацыйную справу ў сувязі з адсутнасцю правапарушэння.

Нагадаем, што суд Ленінскага раёна вынес рашэнне аб пакаранні штрафам Уладзіміра Шанцава ў памеры 1,4 мільёны рублёў. Суддзя Ратнікава палічыла, што было парушана заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў.

Уладзімір Шанцаў адзначае, што грамадзяне збіраліся на Народны сход у Магілёве паводле Закона “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах” і неабходныя 10% подпісаў жыхароў кожнага з дамоў былі сабраныя.

“Аб тым, што гэта патрабаванне закона выканана, мы праінфармавалі кіраўніцтва гарвыканкама і Ленінскага райвыканкама. Іх мы таксама запрасілі на Народны сход, - гаворыць Уладзімір Шанцаў, -  аднак пасля правядзення гэтага мерапрыемства мяне выклікалі позвай у міліцыю, дзе склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Мяне вінавацілі ў парушэнні Закона “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах””.

“Пазней маю справу перакваліфікавалі і выставілі абвінавачанне ў парушэнні іншага Закона -- ”Аб масавых мерапрыемствах”. Аднак, паводле Закону “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах” дзейнічае ўведамляльны прынцып правядзення мерапрыемства. І за дазволам аб прадастаўленні месца для правядзення мерапрыемства нікуды звяртацца не трэба. Усе нашы дакументы, якія былі агучаны перад судом, сведчаць пра тое, што мы праводзілі мясцовы сход”, - працягвае Уладзімір Шанцаў.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што напярэдадні правядзення Народнага сходу Уладзімір Шанцаў атрымаў два пісьмовых папярэджанні ад пракурора Ленінскага раёна і гарвыканкама.

“Гэтыя папярэджанні былі абскарджаны на наступны дзень. У гэтых скаргах было растлумачана, што вызначыць, пад які закон трапляе планаванае мерапрыемства, можна толькі пасля яго правядзення. Лічу, што дадзеныя скаргі адыгралі сваю ролю, і міліцыя не перашкаджала правядзенню мерапрыемства. Прэтэнзіі ў яе з’явіліся пасля правядзення мерапрыемства. Паміж Закон “Аб масавых мерапрыемствах” і Законам “Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах” няма дакладнага размежавання ў сферы дзейнасці. Таму лічу, што ўлады няправільна трактавалі заканадаўства і пры гэтым парушылі прынцып прэзумпцыі невінаватасці. У гэтым выпадку яны павінны былі кіравацца Канстытуцыяй і міжнароднымі актамі. Усе сумнеўныя моманты ў законе павінны трактавацца на карысць асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Гэтага не было зроблена, што сведчыць аб адсутнасці перадузятасці”, - гаворыць Барыс Бухель.

Крыніца: Праваабарончы цэнтр "Вясна"