Відэа

Архіў

Жнівень 2019
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031 

Звярніце ўвагу

Вітаем Вам на новым сайце! З вясной вас!

Затрымалі за тое, што размаўляў па-беларуску. А ў пастарунку правялі валікам для дактыласкаміі па твары і акунулі галавой ва ўнітаз

23.11.2011

Жудасным здзекам з боку міліцыянтаў падвергся ў Магілёве бабруйскі актывіст “Моладзі БНФ” Андрэй Падаляк.

17 лістапада на вуліцы Магілёва да яго падыйшлі міліцыянты, якія ўчулі што ён гаворыць па-беларуску і папрасілі прайсці ў пастарунак міліцыі, бо хлопец трапляў пад пэўныя прыкметы злачынцы.

“Я сказаў, што нікуды не пайду, бо гэта нейкі нонсэнс, пасля чаго яны мяне ўзялі пад рукі і павялі ў пастарунак, які знаходзіцца на Пажарным завулку. У пастарунку ў мяне хацелі "адкатаць пальчыкі", аднак ад дадзенай працэдуры я адмовіўся. Тады адзін з міліцыянтаў правёў мне валікам з чорным парашком па твары. Я быў у шоку ад гэта, аднак пасля гэта міліцыянты павялі мяне мыцца. У прыбіральні яны ўтраіх схапілі мяне – перакулілі дагары нагамі і акунулі галавой ва ўнітаз”, - расказвае Андрэй Падаляк.

“Пасля гэтага я проста аслупянеў і не мог нічога сказаць некалькі хвілінаў. Мне не далі таксама пазваніць дамоў. Пасадзілі ў “абязьяннік”, а пазней у “стакан”. У абсалютнай цемры я пачаў стукаць у дзверы і прасіць каб мяне выпусцілі. У выніку на мяне апранулі кайданкі. Так я правёў каля пяці гадзінаў. У выніку мне пачало станавіцца дрэнна і я папрасіў, каб да мяне выклікалі лекара”, - працягвае Андрэй.

Хлопец адзначае, што ўвесь час размаўляў з міліцыянтамі па-беларуску, а яны за гэта здзекваліся над ім.

“Прыехаўшы лекар спрабавала раўзмаўляць на мове, аднак гаварыла яна з нейкай пагардай. У выніку яна абазвала мяне “пятай калонай”. Паслухала мяне, памерыла ціск і тэмпературу і сказала, што я здаровы. Хаця ў мяне ад нараджэння парок сэрца, тэмпература была 37,7, а ціск 130/90. Негледзячы на гэта, мяне не шпіталізавалі. Да раніцы я сядзеў ужо у звычайнай камеры, пасля чаго мяне павезлі на суд”, - гаворыць актывіст “Моладзі БНФ”.

Суд пачаў весці суддзя Ленінскага раёна Шандаровіч.

“У судзе міліцыянты абвінавацілі мяне ў тым, што я быў п’яны і нецэнзурна лаяўся, аднак ніякага медыцынскага асведчання я не праходзіў, - гаворыць хлопец, - у сувязі з тым, што пратакол быў складзены з парушэннямі, суддзя Шандаровіч адправіў яго на дапрацоўку і мяне адпусцілі. Суд мусіць працягнуцца нада мной 24 лістапада”.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што ўлада разбэшчвае свае структуры, а абсалютная ўлада разбэшчвае абсалютна.

“Я даўно не сутыкаўся з такімі выпадкамі і не паверыў бы што такое магчыма ў нашым горадзе, аднак - маем таму пацвярджэнне. Будзем сачыць за гэтым працэсам, пісаць адпаведныя скаргі і спрабаваць прыцягнуць да адказнасці міліцыянтаў, якія ўчынілі такое бязмежжа”, - гаворыць Барыс Бухель.

Крыніца: Праваабарончы цэнтр "Вясна"