Відэа

Архіў

Жнівень 2019
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031 

Звярніце ўвагу

Вітаем Вам на новым сайце! З вясной вас!

Міклаш Харасці: “Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не мела прыкметаў паляпшэння на працягу справаздачнага перыяду” (відэа)

25.06.2015
 Міклаш Харасці, спецдакладчык Савета ААН па Беларусі Міклаш Харасці, спецдакладчык Савета ААН па Беларусі
Міклаш Харасці, спецдакладчык Савета ААН па Беларусі Міклаш Харасці, спецдакладчык Савета ААН па Беларусі

23 чэрвеня ў межах 29 сэсіі Cавета па правах чалавека ААН адбылося паседжанне, падчас якога значная ўвага была нададзена дакладу спецыяльнага дакладчыка па Беларусі Міклаша Харасці і працягненню яго мандату.

У сваім ўступным слове спадар Хараcці заявіў, што сітуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі не мела аніякіх прыкметаў паляпшэння, паколькі беларускія ўлады не выправілі ніводнае з глыбокіх і сістэмных парушэнняў, а таксама не стварылі ўмовы для правядзення свабодных і справядлівых выбараў. У прыватнасці, пад пагрозай былі права на свабоду выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцый, правы на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы для працы, і свабоду выбару месца працы.

“Беларусь зрабіла важныя намаганні, каб зменшыць напружанасць у рэгіёне праз механізмы пасярэдніцтва. Саміт Усходняга партнёрства ў Рызе вітаў прыкметы надзеі ў стасунках паміж Еўрапейскім Саюзам і Беларуссю, у той час як краіна абяцала разгледзець пытанне аднаўлення дыялогу па правах чалавека паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю. У той жа час, урад па-ранейшаму адмаўляўся прызнаваць мандат Савета па правах чалавека, што стала істотным крокам назад у яго ўзаемадзеянні з міжнароднай супольнасцю. Сітуацыя з правамі чалавека ў краіне не мела аніякіх прыкметаў паляпшэння на працягу справаздачнага перыяду. Грамадзянам сістэматычна адмаўлялі ў шматлікіх асноўных правах праз наўмысную камбінацыю абмежавальных законаў і злачыннай практыкі. Сітуацыя ўяўляецца ўсё больш трывожнай у святле прэзідэнцкіх выбараў, якія маюць адбыцца восенню 2015 года”, — сказаў Міклаш Харасці.

Міклаш Харасці адзначыў што ў параўнанні з папярэднімі гадамі, мелі месца некаторыя пазітыўныя зрухі, напрыклад, меншая колькасць вязняў, якія былі прысуджаныя да працяглых тэрмінаў зняволення ў якасці адплаты за іх палітычную дзейнасць, а таксама “вызваленне лідэра буйной праваабарончай арганізацыі”. Тым не менш, Спецыяльны дакладчык заклікаў беларускія ўлады не толькі вызваліць, але і ў поўнай меры рэабілітаваць усіх палітычных апанентаў рэжыму, якія апынуліся за кратамі. Яшчэ адной замацаванай практыкай, якая была працягнутая і нават пашыраная ў справаздачны перыяд, сталі адвольныя кароткатэрміновыя затрыманні актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў. Нягледзячы на ​​некаторыя крокі па спрашчэнні прававой сістэмы, незалежнасць судовай улады застаецца мінімальнай праз паўнамоцтвы прэзідэнта прызначаць і звальняць усіх суддзяў і пракурораў. Права на справядлівае судовае разбіральніцтва было абмежаванае ў закрытых пасяджэннях і ў выніку судовых рашэнняў, якія былі ў значнай ступені заснаваныя на сведчаннях супрацоўнікаў праваахоўных органаў, у той час як сведчанні абароны ігнараваліся.

Закон аб сродках масавай інфармацыі знішчыў апошнія рэшткі свабоды слова. Улады блакавалі незалежныя вэб-сайты, а выкарыстанне Інтэрнэту ўсё часцей інтэрпрэтавалася як “несанкцыянаванае масавае мерапрыемства” і каралася санкцыямі. Дыскрымінацыя па-ранейшаму прысутнічала ў розных галінах, ад сэксуальных меншасцяў да працоўных правоў. У краіне, дзе ад 70 да 80 адсоткаў працоўных месцаў знаходзяцца ў дзяржаўных сектарах уласнасці, пачынаючы з мінулага года пагоршыліся няўстойлівыя ўмовы працаўладкавання. Кароткатэрміновыя кантракты сталі хутчэй правілам, чым выключэннем. Нядаўняй пастановай ўводзяцца падаткі на ўсіх не занятых працаздольных грамадзян, а таксама карныя захады супраць тых, хто не працуе. Спецыяльны дакладчык заклікаў Беларусь прыняць усе рэкамендацыі, зробленыя ў ходзе універсальнага перыядычнага агляду і заняцца вырашэннем усіх правоў: грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурных, у адпаведнасці з прынцыпам ўзаемазалежнасці і непадзельнасці ўсіх правоў чалавека.

У адказ на гэта афіцыйны прадстаўнік Беларусі Міхаіл Хвастоў заявіў, што “мандат спецдакладчыка павінен быць скасаваны”:

“Спецдакладчык па Беларусі – гэта дыскрэдытацыя ідэй дэмакратыі і правоў чалавека. Гэта палітычны праект накіраваны на раскол нашай краіны. Гэты праект церпіць паразу. Паміж дакладам і рэальнай сітуацыяў у Беларусі палягае прорва. Даклад мы прымаем як псеўдапраўдзівы, а таму няслушны”.

Еўрапейскія краіны ў сваіх дзьвюхвілінны выступах падтрымалі меркаванні Міклаша Харасці і запэўнілі Савет па правах чалавека ААН ў неабходнасці працягнуць яго мандат як краінавага спецдакладчыка для Беларусі. У ходзе інтэрактыўнага дыялогу выступоўцы выказалі заклапочанасць з нагоды працягу пагаршэння сітуацыі ў Беларусі, у тым ліку сістэматычных рэпрэсій супраць журналістаў, праваабаронцаў і палітычных апанентаў улады, цэнзуры СМІ, несвабодных і несправядлівых выбараў і прымянення смяротнага пакарання. Выступоўцы выказалі расчараванне з нагоды таго, што ўлады Беларусі па-ранейшаму адмаўляюцца супрацоўнічаць са Спецыяльным дакладчыкам.

Еўрапейскі саюз выказаў заклапочанасць у сувязі з пагаршэннем сітуацыі ў Беларусі на прыкладзе неаднаразовых парушэнняў свабоды сходаў, наступу на мірныя пратэсты, пераследу праваабаронцаў і актывістаў у галіне правоў чалавека, а таксама абмежаванняў на свабоду Інтэрнэту. Прадстаўнік ЕС рашуча асудзіў прымяненне смяротнага пакарання ў Беларусі і спытаў Спецыяльнага дакладчыка, якія аспекты працэсу напярэдадні выбараў павінны быць прыярытэтнымі.

Постсавецкія краіны (Расія, Азербайджан,Таджыкістан і інш.) наадварот заявілі, што сітуацыя ў Беларусі не апраўдвае прызначэння мандата і выступілі з крытыкай селектыўнасці і палітызацыі Савета па правах чалавека.

Удзел у абмеркаванні бралі прадстаўнікі Еўрапейскага Саюза, Расійскай Федэрацыі (у тым ліку ад імя групы дзяржаў-аднадумцаў), Сірыі, Албаніі, Грэцыі, Ірландыі, Чэхіі, Францыі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Таджыкістана, Лаоскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі, Эстоніі, Іспаніі, Літвы, Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі, Польшчы, Узбекістана, Венесуэлы, Канады, Нарвегіі, Вялікабрытаніі, Люксембурга, Зімбабвэ, Кубы, Швейцарыі, Латвіі, Аўстрыі, Кыргызстана, Азербайджана, Казахстана, В’етнама, Нікарагуа, Славакіі, Кітая, Ірана, М'янмы, Туркменістана, Бельгіі і Аўстраліі.

У сваіх заключных заўвагах Міклаш Харасці заявіў:

“На працягу двух дзесяцігоддзяў Беларусь не мае апазіцыі ў парламенце, што паказвае сапраўдны твар беларускай парламенцкай сістэмы. Беларусь з’яўляецца адзінай краінай у Еўропе, дзе не існуе прыватнага тэлевяшчання. На існуючых дзяржаўных каналах мусяць быць прыкметы плюралізму. Незарэгістраваныя арганізацыі грамадзянскай супольнасці мусяць быць зарэгістраваныя, што было б імгненным паляпшэннем”.

Спадар Харасці падкрэсліў, што Беларусь не ў поўнай меры супрацоўнічае з міжнароднымі праваабарончымі механізмамі:

“Яшчэ адным рэальным і непасрэдным паляпшэннем было б выкананне рэкамендацыяў ад дамоўных органаў. Беларусь не рэагуе на неаднаразовыя просьбы ад уладальнікаў мандата. Беларусь не прыняла рэкамендацыі Універсальнага перыядычнага агляду ў тых галінах, якія выклікаюць найбольшую занепакоенасць. Многія з гэтых рэкамендацый былі паўтораныя яшчэ раз у 2015 годзе”.

Ён таксама адзначыў, што “практычны мараторый на смяротнае пакаранне можа быць першым крокам” у вырашэнні гэтага пытання ў Беларусі.

На прыканцы паседжання беларускі прадстаўнік не вытрымаў і ўзяў яшчэ хвіліну, каб зрабіць заўвагу Старшыню:

“Спадар Старшыня, я прасіў у вас слова па парадку вядзення не для таго, каб прыпыніць выступ спецдакладчыка, але для таго, каб мы, хто сядзіць у залі разумелі, колькі часу вы даеце спецдакладчыку. І я прасіў бы вас у далейшым звяртаць на гэта ўвагу. Вы павінны правільна адміністраваць нашае паседжанне”, - сказаў М. Хвастоў.

Нагадаем, Мандат спецдакладчыка па Беларусі быў заснаваны Радай па правах чалавека ААН 5 ліпеня 2012 года, а ў верасні на гэтую пасаду быў прызначаны прадстаўнік Вугоршчыны Міклаш Харасці. Па выніках сваёй дзейнасці ён прадставіў справаздачу аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Радзе ААН па правах чалавека і Генеральнай Асамблеі ААН. Аднак беларускія ўлады адмаўляюцца ад супрацоўніцтва са спецдакладчыкам. Сп. Харашці так і не атрымаў магчымасці наведаць Беларусь, каб вывучыць сітуацыю на месцы і ў тым ліку сустрэцца з афіцыйнымі асобамі дзяржавы: беларускія ўлады адмовілі яму ў візе.

Поўны запіс відэатрансляцыі з паседжання.

Тэкст дакладу па-англійску спецдакладчыка Міклаша Харасці.

Крыніца: Праваабарончы цэнтр "Вясна"