Відэа

Архіў

Чэрвень 2018
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930 

Звярніце ўвагу

Вітаем Вам на новым сайце! З вясной вас!

Для магілёўскай «Падзеі года» хопіць і сцяны, а на званне "Чалавек года" прэтэндаваў праваабаронца

28.01.2016 Тэгі: грамадства

Магілёўская грамадская ініцыятыва «Грамадскі магістрат» пры дапамозе студэнтаў-сацыёлагаў і інтэрнэт-галасавання вызначыла галоўнае мерапрыемства і персону 2015 года. Мерапрыества праходзіла ў антыкавярні "Чердак".

У папярэдні шорт-ліст трапіла 10 чалавек, з якіх выбралі траіх - арганізатара велаэкскурсій па Магілёве і папулярызатара беларускай мовы Алега Дзьячкова, гісторыка і ініцыятара беларусізацыі назваў прыпынкаў грамадскага транспарту Аляксандра Агеева, а таксама каардынатара кампаніі «Туалет-Нагляд» і аднаго з арганізатараў «Гарадскога Пікніка» Дзяніса Васількова. У выніку, ганаровы дыплом «Чалавека года-2015» дастаўся Аляксандру Агееву.

- Шчыра кажучы, не чакаў такога гонару. Усё ж такі і Дзяніс, і Алег вартыя гэтай узнагароды, і мне безумоўна прыемна, што ў кампаніі такіх людзей мяне адзначылі, - заявіў Агееў пасля ўручэння дыплома.

Адзначым, што ў топ-10 таксама ўвайшлі праваабаронца Уладзімір Краўчанка і палітык Ігар Барысаў.

Акрамя чалавека, магілёўская грамадзкасьць выбірала і галоўную падзею 2015 года. У тройку лепшых увайшлі: стварэнне і ўстаноўка мемарыяльнай дошкі артысту Валянціну Ермаловічу, «Гарадскі Пікнік» і складанне «Культурнай мапы горада».

Як аказалася, большасць сімпатый было на баку мемарыяльнай дошкі. Вядучы сустрэчы Ігар Пушкін адзначыў, што дзеля стварэння і ўстаноўкі памятнага знака, ахвяраванні ўнеслі самыя розныя людзі:

- Самая маленькая сума - 500 рублёў, самая вялікая - 100 даляраў. Магілёўцы адчувалі патрэбу ў мемарыяле Валянціну Ермаловічу, і горад яго атрымаў, - сказаў вядучы.

Таксама ён паведаміў, што ў першыя дні лютага на гарадскім Савеце дэпутатаў будзе вырашацца пытанне аб тым, каб зрабіць 28 студзеня Днём атрымання Магдэбургскага права - права горада на самакіраванне.

Адзін з арганізатараў ўзнагароджання, член «Грамадскага магістрата» Аляксандр Сілкоў падчас мерапрыемства заўважыў, што дзякуючы такім падзеям, магілёўцы аддаюць даніну павагі уласнай гісторыі:

- Памятаючы пра дату атрымання права на самакіраванне, мы працягваем еўрапейскія традыцыі нашага горада. Нашы продкі аддалі многае, каб атрымаць Магдэбурскае права і калі яны глядзяць на нас зверху сёння, то я думаю, што яны адчуваюць гонар за нас, - заявіў Сілкоў.

"Чалавека" і "Падзею" года вызначалі з дапамогай некалькіх інструментаў. Акрамя галасавання членаў «Грамадскага магістрата», была таксама праведзена апытанка ў "Укантакце" і кантэнт-аналіз СМІ, у якіх вывучалася, пра каго з грамадскіх дзеячаў Магілёва журналісты пішуць часцей за ўсё.