Відэа

Архіў

Красавік 2017
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930

Звярніце ўвагу

Вітаем Вам на новым сайце! З вясной вас!

Магілёвец лічыць, што міліцыя здзеквалася з яго

22.02.2016 Тэгі: затрыманні

Па словах Генадзя Фадзеева, яго прымусілі пісаць пратакол пад дыктоўку, абражалі і не давалі звязацца са сваякамі.

Увечары 12 лютага, калі ён быў у гасцях у сваёй сяброўкі ў шматкватэрным доме, Фадзееў пачуў шум барацьбы на лесвічнай пляцоўцы. Калі ён выйшаў, ён убачыў, што там адбываецца бойка.

Фадзееў выклікаў міліцыю. Нарад патрульна-паставой службы прыбыў на месца дзесьці праз дзесяць хвілін, пасля чаго Фадзеева суправадзілі ў бліжэйшы пастарунак для дачы паказанняў, патлумачыўшы гэта тым, што ўчастковы заняты і не можа апытаць яго і сяброўку на месцы. Там супрацоўнікі ППС перадалі яго старэйшаму лейтэнанту Гайдзе і лейтэнанту Радзевічу. З гэтага моманту пачаліся праблемы.

- Мне было прапанавана напісаць заяву, і пад дыктоўку Радзевіча я пачаў пісаць на раздрукаваным бланку. Але далей я стаў пісаць тое, што адбылося насамрэч, а не тое, што дыктаваў Радзевіч. Ён стаў на мяне лаяцца, выхапіў заяву і парваў яе на маіх вачах, сказаўшы, што так пісаць не трэба. На гэта я запярэчыў, што гэта мая заява і я маю права пісаць так, як палічу патрэбным. Тады мне прапанавалі пасядзець і добра падумаць, а старэйшы лейтэнант Гайда правёў са мной гутарку па правілах запаўнення заявы, пра інструкцыі, якімі іх абклала начальства, і папрасіў пайсці ім на сустрэчу, - заявіў у сваёй скарзе Генадзь Фадзееў. - Калі я стаў паўторна пісаць заяву, я зноў спрабаваў данесці толькі тое, што ведаю, а не тое што дыктаваў мне Радзевіч - але ён зноў парваў маю недапісанаю заяву, а мяне абазваў "дэбілам".


У мужчыны канфіскавалі рэмень і асабістыя рэчы, пры гэтым не патлумачыўшы прычыну такога рашэння. Законнае патрабаванне Фадзеева паведаміць аб затрыманні сваякам міліцыянты, зыходзячы з яго слоў, таксама праігнаравалі:

 

- Я скарыстаўся выпадкам і папрасіў аднаго з тых, што знаходзіўся са мной у пастарунку, паведаміць маёй маці аб маім незаконным затрыманні без усялякіх на тое прычын, што грамадзянін па імені Ігар (прозвішча не ведаю) і зрабіў. Праз паўгадзіны падышла мая маці, але ў пастарунак яе не пусцілі. Сказалі, што яны ўжо не працуюць, а патлумачыць, чаму мяне затрымалі, адмовіліся.

 

Ноччу Генадзя Фадзеева перавялі ў камеру РАУС Кастрычніцкага раёна, дзе, паводле яго словаў, было душна і мала месца.


- У камеры мне стала дрэнна, пачаліся болі ў правай нырцы, і мне выклікалі брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі, якая зрабіла мне ўкол і даставіла мяне ў лякарню, дзе мне правялі абследаванне і аказалі медыцынскую дапамогу. Пасля гэтага я быў зноў дастаўлены ў Кастрычніцкі РАУС і змешчаны ў перапоўненую камеру, дзе да раніцы прасядзеў у нязручнай вертыкальнай позе на вузенькай бетоннай лаўцы. Лічу, што такім чынам я стаў аб'ектам катаванням і знявагі, - заявіў Фадзееў.

 

На ягоную думку, міліцыя зрабіла гэта толькі з адной мэтай - атрымаць подпісы пад «правільна складзенымі» пратаколамі. Пры гэтым у справе, як адзначыў ён, хапае памылак.


- Па-першае, не быў апытаны ні адзіны сведка. Па-другое, яны заблыталіся ў часе. Калі я выклікаў міліцыю, у 21 гадзіну 21 хвіліну і 59 секунд, што лёгка правяраецца па запыце аператару, то я ўжо ніяк не мог зноў апынуцца ў тым жа пад'ездзе ў 22 гадзіны 30 хвілін, як гэта вынікае з пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні, пратакола аб затрыманні і рапартаў супрацоўнікаў міліцыі, у якіх пазначаны ілжывыя сведчанні наконт майго затрымання ў 22 гадзіны 30 хвілін. Насамрэч, ў гэты час я ўжо знаходзіўся ў апорным пункце, - заявіў Фадзееў.


У сваёй скарзе ён просіць адмяніць пастанову ад 13.02 2016 г. і прыпыніць справу за адсутнасцю падзеі правапарушэння, а таксама вынесці прыватнае вызначэнне ў адрас Кастрычніцкага РАУС г. Магілёва за дапушчаныя парушэнні.

 

На здымку - пастарунак, дзе Фадзеева дапытвалі Гайда і Радзевіч