Відэа

Архіў

Лістапад 2018
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930 

Звярніце ўвагу

Вітаем Вам на новым сайце! З вясной вас!

Магілёўскі гарвыканкам лічыць, што папулярызуе ровары, а актывіст БСДП - што чыноўнікі адпісваюцца

25.04.2012

У пісьмовым адказе, які атрымаў актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Кірыл Грыхін за подпісам намесніка старшыні Аляксандра Студнева адзначаецца, што ў 2012 годдзе плануецца шэраг мерапрыемстваў па папулярызацыі веласпорту.

29 красавіка каля Палацу культуры вобласці адбудзецца спартыўнае мерапрыемства “Адкрыццё роварнага сезона-2012”.

У траўні пройдзе першынства горада па тэхніцы роварнага турызму. У чэрвені стартуе адкрыты гарадскі турыстычны роварны марафон “Грамокі-2012”.

Распрацавана пяць роварных маршрутаў выхаднога дня і два сцепянных маршруты.

Акрамя таго, у горадзе прадугледжана праектаванне і будаўніцтва роварных дарожак на тэрыторыі парка імя 60 год Вялікага Кастрычніка, Святога возера, Пячэрскага лесапарка і побач з гарадской фізкультурна-аздараўляльнай ўстановай “Космас-корт”.

Кірыл Грыхін гаворыць, што не знайшоў адказу, якім чынам можна перасоўвацца на ровары па гораду без парушэнняў правілаў дарожнага руху.

“Ва ўсіх еўрапейскіх краінах прадугледжаны роварныя дарожкі каля краю праезнай часткі. Велааматары ездзяць на роварах як паўнапраўныя ўдзельнікі дарожнага руху і перасоўваюцца на іх з адной часткі горада ў другую без якіх бы то ні было перашкодаў. У нас жа гэта цэлая праблема. Тое, што прапануюць пабудаваць шэраг роварных дарожак ў чатырох месцах – гэта добра, але яны знаходзяцца ў поўнай ізаляцыі. Якая цікавосць прыязджаць туды, каб пакатацца на ровары – ровар мусіць быць сродкам перасоўвання ў першаю чаргу.

Акрамя гэтага, няма адказу на тое, ці будуць зроблены спецыяльныя паркоўкі для ровараў. Я так разумею, што пра гэта ніхто не клапоціцца. У Еўропе – ровары замяняюць аўтамабілі і вырашаюць транспартную праблему і звязаныя з імі "пробкі". У нас жа пра гэта ніхто не думае, бо чыноўнікі, акрамя сваіх “Мерсэдэсаў”, ні на чым механічным не ездзяць, а дарма, бо роварны спорт абараняе ад шэрагу хранічных захворванняў”, - гаворыць актывіст БСДП.

Кірыл Грыхін кажа, што не пакіне па-за ўвагай распрацоўку гарадскіх роварных маршрутаў і будзе намагацца таго, каб можна было без перашкодаў перасоўвацца па Магілёву і за гэта не штрафавалі супрацоўнікі ДАІ.

Трэба адзначыць, што ў Магілёве, за невялікімі выключэннямі, адсутнічаюць спецыяльныя роварныя дарожкі для язды на роварах па горадзе. Тых велааматараў, што выязжаюць на ровары на праезжую частку, часцяком штрафуюць супрацоўнікі ДАІ, паколькі гэта ў большасці выпадкаў забаронена правіламі дарожнага руху.